Браніслаў Уладзіслаў Круль (1905-1940)
даваенны дырэктар івянецкай школы. Нарадзіўся 2 верасня 1905 г. у Львове (тады Аўстра-Венгрыя). Бацька, Аляксандр Круль, быў рэзчыкам па камені. У 1918 г., 13-гадовым хлопцам Б.У Круль удзельнічаў у абароне Львова ад украінскага войска і быў залічаны да “Львоўскіх Арлянятаў”. У 1920-1926 – студэнт Дзяржаўнай Настаўніцкай семінарыі ў Львове. Па сканчэнні працаваўнастаўнікам пачатковых класаў у розных школах Стаўпецкага павета Навагрудскага ваяводства (1926-1934). У 1927-1928 г. вучыўся ў Школе Падхарунжых Рэзерву Пехоты ў Залешчыках, у 1932 г. атрымаў званне падпаручыка. У 1932-33 гг. скончыў Вышэйшыя Настаўніцкія Курсы ў Познані. У 1929 г. ажаніўся з настаўніцай Стэфаніяй Альшаніцкай, ад гэтага шлюбу нарадзілася дзеці Івона Марыя і Браніслаў Шчэнсны. Ў жніўні 1934 г. прызначаны дырэктарам 7-класнай школы ў Івенцы. У 1936 г. накіраваны на вучобу ў Дзяржаўны Настаўніцкі Інстытут у Варшаве. У 1938 паспяхова абараніў дыплом на тэму “Школа як выхаваўчая інстытуцыя ў маламестачковым асяродку” (“Szkoła jako instytucja wychowawcza w środowisku małomiasteczkowym”) на прыкладзе Івенца. Выдадзеная ў 2000 г. як кніга, гэтая праца паказвае даволі высокі ўзровень сацыялагічнага даследавання і служыць каштоўнай крыніцай ведаў па гісторыі міжваеннага Івенца. Ў красавіку 1939 г. Б.У. Круль прызначаны намеснікам павятовага школьнага інспектара ў Стоўбцах, на якой пасадзе і сустрэў вайну. Як афіцэр рэзерва мабілізаваны ў войска, накіраваны ў 77 пяхотны полк, які месціўся ў Івенцы. Трапіў у савецкі палон пад Лідай. Накіраваны ў лагер ваеннапалонных пад Казельскам, адтуль да сям’і трапіла 2 ягоныя лісты. Ў адным з іх ён пісаў: “Вярнуся абавязкова, бо патрэбны вам і Польшчы”. Забіты НКУС у красавіку 1940 г. у Катыні. Пасмяротна ўзнагароджаны Крыжом Вераснёвай Кампаніі 1939 г. Высокі ўзровень патрыятычнага выхавання ў школах, у якіх выкладаў або інспектаваў Браніслаў Уладзіслаў Круль, пацверджаны ахвярным змаганнем сотняў іх вучняў за Радзіму ў шэрагах Стаўпецка-Налібоцкага згрупавання АК.