на фэсце Св. Міхала ў Івенцы ўпершыню прэзентаваны герб Івянецкага графства

На фэсце Св. Міхала, які адбыўся ў Івенцы 2 кастрычніка 2011, ўпершыню прэзентаваны герб Івянецкага графства. Гэтая тэрытарыяльная адзінка існавала ў 1745-1845 г. і належала спачатку Салагубам, а пазней Плевакам - роду, з якога паходзіць, між іншым, славуты рускі адвакат Фёдар Плевака. Таварыства роду Плевакаў, зарэгістраванае ў Польшчы, і выступіла з ініцыятывай актуалізацыі рэгіянальнай ідэнтычнасці і рэгіянальнай сімволікі.

Віртуальнае адраджэнне Івянецкага графства не мае на мэце утапічнага вяртання ў феадальныя часы. Аднак па ўсім свеце сімволіка былых феадальных тэрытарыяльных адзінак выкарыстоўваецца ўжо не асобнымі арыстакратычнымі сем’ямі, але шырокім грамадствам іх былых падданых.

Як ні дзіўна, прыватнаўладальніцкае мястэчка Івянец не мела герба ані за часоў ВКЛ-Рэчы Паспалітай, ані за часоў Расійскай імперыі і СССР. У незалежнай Беларусі за аснову герба ўзялі прыватны герб Салагубаў - залаты леў на чырвоным фоне. Герб Івянецкага графства развівае гэтую ідэю далей спалучаючы асоўныя элементы гербаў Салагубаў і Плевакаў.

У сучасных умовах віртуальнае “Івянецкае графства” можа служыць выключна сродкам самаідэнтыфікацыі людзей, звязаных са слаўным Івянцом і ваколіцамі сваім паходжаннем або іншымі духоўнымі сувязямі, сродкам маніфестацыі рэгіянальнага патрыятызму.

Герб Івянецкага графства можа выкарыстоўвацца і прыватнымі асобамі, для пазначэння паходжання або тэрытарыяльнай прыналежнасці прадметаў уласнасці. Напрыклад, як налепка на аўтамабілі – менавіта на гэтым носьбіце герб і быў прэзентаваны гасцям фэсту Св. Міхала і з задавальненнем імі прыняты. Аднак герб не можа быць “прыватызаваны” нейкім камерцыйным прадпрыемствам і выкарыстоўвацца, цалкам або часткова, як прыватная сімволіка суб’екту гаспадарання. А калі б некалі ў будучыні быў адноўлены, напрыклад, Івянецкі раён (скасаваны ў 1965 г.), ён бы таксама меў усе падставы, каб прыняць гэтую зямельную сімволіку
ў якасці афіцыйнай.

Алесь Белы
lucynka.org